3/22/2010

МедыяБарКэмп 2010: чуць, бачыць, гаварыць


3-6 чэрвеня 2010 ў Літве адбудзецца трэці міжнародны МедыяБарКэмп, прысвечаны праблемам выкарыстання новых медыя і развіццю медыя актывізму. MediaBarCamp ладзяць Swedish International Liberal Centre, Green Forum, Centerpartiets Internationella Stiftelse, Olof Palme Internattional Center і Беларуская партыя «Зялёныя».

MediaBarCamp 2010 ладзіцца дзеля таго, каб стымуляваць ды падтрымаць развіццё новых міжнародных медыяпраектаў у рэгіёне ў сферы новых медыя, наладзіць і замацаваць стасункі паміж прафесіяналамі. MediaBarCamp — гэта не палітычнае, а мультыкультурнае мерапрыемства, якое дазволіць згуртавацца разам усім тым, хто з’яўляецца рэалістам і таму патрабуе немагчымага.

Чакаецца, што ўдзел у MediaBarCamp 2010 прымуць каля 130 чалавек з Беларусі, стран Балтыі, Украіны. Праграма фэсту будзе сфарміравана з прэзентацый ды выступаў удзельнікаў. Асаблівая ўвага будзе нададзена альтэрнатыўным інфармацыйным медыя-праектам і іх стваральнікам. Асаблівая ўвага ў гэтым годзе будзе нададзена мікраблогам, па-першае твітэру, і працы з мультымедыя.

Новыя медыя сёння – гэта новае асяроддзе існавання сучаснай культуры. Але ж не той, якая пакрываецца пылам на музэйных паліцах, а той, якая ствараецца сёння, ствараецца тут і цяпер. Усё, што нас акружвае, што стварае нашую штодзённасць – гэта таксама культура, якая існуе, дзякуючы медыя прасторы. Сёння здымаць відэа, апрацоўваць фотаздымкі на кампутары стала настолькі проста, што гэта ўжо не з’яўляецца абавязкам спецыяльна навучанай “касты” журналістаў. MediaBarCamp запрашае усіх, хто гатовы прыняць удзел у стварэнні новай мультымедыйнай прасторы.

MediaBarCamp – гэта некамерцыйнае мерапрыемства; ніхто з арганізатараў не мае мэты атрымаць прыбытак. Таму ўдзел бескаштоўны. Для беларускіх і ўкраінскіх удзельнікаў ёсць магчымасць кампенсаваць кошт праезду, пражывання і атрымання візы. Для таго, каб патрапіць у лік удзельнікаў, неабходна зарэгістравацца і падрыхтаваць прэзентацыю ўласнага праекту. Тыя, каму патрэбны візы, павінны падаць заявы да 1 мая 2010 года. Агульны deadline для рэгістрацыі новых удзельнікаў – 1 чэрвеня 2010 года.

Тым людзям, якія здымаюць відэаролікі аб тым, чым займаюцца яны самі ці іхнія сябры, вядуць блог аб тым, што думаюць, запісваюць падкасты з сябрамі, рыхтуюць фотарэпартажы аб тым, што іх акружвае. То бок усім тым, хто ўжо мае навык працы з сучаснымі медыя тэхналогіямі.

Правілы БарКэмпаў прадугледжваюць, што ўсе ўдзельнікі пачуваюць сябе так жа вольна і нязмушана, як і ў прыстойным бары, і пры гэтым абсалютна вольныя ў сваіх перасоўваннях, як падчас пікніка на прыродзе. Усё гэта багата запраўлена бескаштоўным бесправадным інтэрнэтам ды цікавымі прэзентацыямі, якія цягнуцца нон-стоп.

Усю дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце MediaBarCamp http://mediabarcamp.com/

Для даведкі:

MediaBarCamp – гэта унікальная міжнародная “не-канферэнцыя” па пытаннях новых медыя і медыя актывізму. Першы MediaBarCamp адбыўся ў чэрвені 2008 года ў Літве. У ім прынялі ўдзел ля ста чалавек з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі. Мерапрыемства апынулася паспяховым, і было прынята рашэнне аб правядзенні МедыяБарКэмпу ў 2009 годзе.